ГЕАГРА́ФІЯ ГЛЕБ,
навука пра заканамернасці фарміравання і прасторавае размяшчэнне глеб і іх сувязь з геагр. асяроддзем. Цесна звязана з глебазнаўствам, геамарфалогіяй, кліматалогіяй, геабатанікай, ландшафтазнаўствам. Падзяляецца на агульную геаграфію глеб (вывучае глебаўтваральныя фактары і найб. агульныя законы геагр. заканамернасцей размеркавання глеб) і рэгіянальную геаграфію глеб (пытанні глебава-геагр. раянавання, картаграфавання і даследавання прасторавага размяшчэння глеб розных ч. зямной паверхні). Найб. агульныя заканамернасці геаграфіі глеб: гарызантальная занальнасць (змены глебавага покрыва на раўнінах у залежнасці ад колькасці цяпла і вільгаці); вышынная пояснасць (змены глеб у гарах); правінцыяльнасць (змены глеб пад уплывам змен клімату, тэктоніка-літалагічных умоў і інш.). Выкарыстоўвае метады даследавання: параўнальна-геагр., картаграфічны, статыстычны. Складае навук. аснову для ўліку зямельных рэсурсаў, распрацоўкі мерапрыемстваў па павышэнні ўрадлівасці і рацыянальным размяшчэнні с.-г. вытв-сці. Узнікла геаграфія глеб у канцы 19 ст. ў выніку навук. прац В.В.Дакучаева, які стварыў вучэнне аб фактарах глебаўтварэння, гарыз. і верт. занальнасці.
На Беларусі глебы вывучаліся ў 18 і 19 ст. У 1923 праведзены рэкагнасцыровачныя даследаванні глеб, у 1949 складзены іх першыя зводныя карты (маштаб 1:1 200 000). Найб. пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Каардынацыйны цэнтр па вывучэнні глеб — НДІ глебазнаўства і аграхіміі Беларусі.
т. 5, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)